ПРЫСЯДЗІ́БНЫ ЎЧА́СТАК,

зямельны ўчастак для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, буд-ва і абслугоўвання жылога дома. На Беларусі прадастаўляецца грамадзянам сельскімі Саветамі дэпутатаў па месцы іх пражывання. Калгасы, саўгасы з зямель, якія знаходзяцца ў іх карыстанні, могуць выдзяляць грамадзянам зямельныя ўчасткі для агародніцтва, сенакашэння. Парадак землекарыстання на П.у. рэгулюецца заканадаўствам. Афіц. статыстыка сведчыць, што асабістая падсобная гаспадарка, якая грунтуецца ў асноўным на П.ў., з’яўляецца істотнай крыніцай вытв-сці прадуктаў харчавання для насельніцтва. Напр., у 1997—98 у агульным аб’ёме спажывання доля П.у. складала у сярэднім: па бульбе — 85%, гародніне — 72—75, садавіне і ягадах — 55, мясе і мясапрадуктах — 25, малочных прадуктах — больш за 30, яйках — 35, хлебных прадуктах — 1,2%.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)